32 гады таму палякі развіталіся з ксяндзом Ежы Папялушкам



3-га лістапада 1984-га году плошча перад касцёлам святога Станіслава Косткі ў Варшаве стала астраўком свабоды ў часы Польскай Народнай Рэспублікі. Амаль паўмільёна людзей прыйшло на пахаванне брутальна забітага спецслужбамі ксяндза, які падтрымліваў незалежныя прафсаюзы і  вучыў быць свабодным у часы зняволення. Сямейнікам ксёндз Ежы запомніўся проста як добры чалавек.

Гаворыць брат святара Станіслаў Папялушка:

– Гаварыў, так як мы тут гаворым. Прыязджаў да нас. Пра бедных людзей думаў. Аднойчы прыйшоў да нас і ўбачыў у мяне падраныя чаравікі. Зняў свае і аддаў мне, а сабе ўзяў нейкія горшыя. Ведалі яго такім, якім быў насамрэч, праўдзівы ён быў.

Нараджэнец Акопаў, што на Сакольшчыне, паднесены да годнасці блаславёных, ксёндз Ежы Папялушка знайшоў спачын ля касцёла святога Станіслава Косткі ў Варшаве.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя