70 гадоў трагедыі вёскі Патока (абноўлена)



Захаваць памяць пра бязвінна загінулых, а таксама пакінуць напамін нашчадкам пра пацыфікацыю вёскі – такую задачу паставілі да 70-тых ўгодкаў з дня падзеі былыя і цяперашнія жыхары вёскі Патока.

Форма ўшанавання гэтай памяці пакуль не вызначана, але зрабіць гэта мы абавязаны лічыць солтыс вёскі Патока Галіна Раманюк:

 – Гаворым пра гэта. Мемарыяльную шыльду хочуць усталяваць людзі, каб была памяць. Я спрыяю ўсім ініцятывам. Хто гэта паставіць, як не мы? Мікола Раманюк успаміны пакінуў, усё апісаў, як было. Брат казаў: адыйдзі убок, можа так застанешся жывым. А пасля падпалілі і спалілі ўсё. 

Жыхары вёскі хочуць ўсталяваць у Патоцы мэмарыяльную дошку , дзе будуць пералічаны жыхары вёскі, якія загінулі 16 і 22 траўня 1945 году па загадзе камандзіра першага швадрону пятай віленскай брыгады Арміі Краёвай маёра Зыгмунта Шэндзеляжа псеўданім Лупашка.

* * *

У траўні  спаўняецца 70 гадоў трагічным падзеям, якія закранулі вёску Патока на Беласточчыне.   Ужо  некалькі  гадоў запар  паасобныя жыхары Патокі  ставяць свечкі  ў памяць пра бязвінна загінулых суродзічах  16  і 22 траўня 1945 года.

У гэтым годзе жыхары вёскі ўпершыню   разам са святаром хочуць ушанаваць памяць загінулых, кажа настаяцель прыхода ў Тапалянах  Аляксандар Аляксеюк:

– Магчымасць напэўна ёсць. Каб была такая ініцыятыва з боку жыхароў вёскі Патока, то можна было б адслужыць паніхіду па тых, хто бязвінна загінуў і пацярпеў.

16 траўня 1945 года ў вёсцы Патока аддзелам узброенага польскага падполля былі закатаваныя цывільныя жыхары вёскі – браты Малашэўскія і бацька з сынам – Бэкішы. 22 траўня тыя ж салдаты з адзелу пад камандаваннем Зыгмунта Шэндзеляжа, псеўданім “Лупашка” пацыфікаваў вёску. Згарэлі амаль усе забудовы, у пажары загінула трое дзяцей.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота forum.grodno.net