72-я гадавіна аперацыі Арміі Краёвай “Вострая брама”



На Гарадзеншыне адбываюцца ўрачыстасці, прысвечаныя 72-й гадавіне аперацыі Арміі Краёвай па вызваленню Вільні ад нямецкай акупацыі “Вострая брама”. Сябры Саюза палякаў на Беларусі супольна з прадстаўнікамі Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні наведваюць вайсковыя пахаванні, дзе запальваюць знічы і ўскладаюць кветкі на магілах жаўнераў, якія загінулі летам 1944 года. Як зазначае старшыня непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі Мечыслаў Яськевіч, арганізацыя штогод ладзіць гэтыя ўрачыстасці з мэтай захавання памяці аб героях, якія змагаліся і аддалі жыццё за незалежнасць Польшчы.

– Хтосьці сказаў, што вольнасць вымяраецца крыжамі. Тыя салдаты, якія тут спачываюць, змагаліся за сваю Айчыну. Будзем запальваць знічы. Сябры Саюза палякаў збіраюцца ў тых мясцовасцях, молімся, заўсёды стараемся даглядаць гэтыя месцы нашай памяці.

На працягу двух дзён урачыстасці па ўшанаванню памяці польскіх жаўнераў адбудуцца больш чым ў дваццаці мясцовасцях Гарадзеншчыны. З гэтай нагоды ў каталіцкіх касцёлах рэгіёна пройдуць адмысловыя набажэнствы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня