Адкрыццё шыльды ў гонар Булата Акуджавы ў Гайнаўцы



Адкрыццё памятнай шыльды пры дубе, высаджаным у гонар Булата Акуджавы яшчэ летась, прайшло ў гарадскім парку горада Гайнаўка на Падляшшы. Гэта адбылося ў межах другога Міжнароднага фестывалю бардаўскай песні імя Акуджавы “Вера, Надзея, Каханне…”

Сярод удзельнікаў фестывалю – выканаўцы з Польшчы, Беларусі, Украіны і Расеі. Таксама адмыслова прыляцела жонка знакамітага барда – Вольга Арцімовіч-Акуджава:

Мне тут вельмі добра. Я гляджу на ўсё ўдзячнымі, але вельмі здзіўленымі вачыма, таму што вы ведаеце, што адбываецца ў свеце. І тое, што нейкая маленькая Гайнаўка, ні на што не зважаючы, працягвае помніць, паважаць, і ў гонар Булата нешта такое спяваць і прыдумваць, перакладаць, то я гляджу на гэта з вялікім захапленнем, удзячнасцю і надзеяй.

Увечары суботы у гайнаўскім амфітэатры распачнецца фінальны канцэрт Міжнароднага фестывалю бардаўскай песні імя Булата Акуджавы. Удзельнікі падрыхтавалі песні Акуджавы не толькі ў арыгінальным варыянце, але таксама ў перакладах на іншыя мовы. У прыватнасці, пасля адкрыцця памятнай шыльды песню “А иначе зачем на земле этой вечно живу” супольна выканалі спачатку па-расейску, пазней у перакладах на польскую ды ўкраінскую мовы.

Арганізатары фестывалю: грамадска-культурнае таварыства “Granie biez granic”, бурмістр Гайнаўкі і Вольга Акуджава як прэзідэнт Сусветнага фонда Булата Акуджавы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Хрыстафора Ангельчыка