Адкрыўся памежны пераход Полаўцы-Пяшчатка



Пасля рэканструкцыі на польска-беларускай мяжы адкрыўся пераход Полаўцы-Пяшчатка, праз які мяжу змогуць праходзіць кіроўцы фураў, аўтобусаў, а таксама грамадзяне ўсіх краін. Дагэтуль перасякаць мяжу праз пераход маглі толькі палякі і беларусы на легкавіках.

SAM_2312

Як адначыў войт гміны Чаромха Міхал Урублеўскі, новы пераход – гэта шанец для развіцця не толькі гміны Чаромха, але і ўсяго ваяводства:

– Гэта ажывіць нашу гміну, нашы суседнія паветы. Жыхары Чаромхі будуць больш карыстацца гэтым пераходам, а таксама жыхары ўсяго ваяводства.

Мадэрнізаваная таксама інфраструктура на беларускім баку мяжы ў Пяшчатцы. Пасля рамонту памежнікі змогуць абслугоўваць каля 200 грузавых і 2000 легкавых аўто ў суткі.

Агульны кошт рэканструкцыі памежнага пераходу склаў 178 мільёнаў злотых – грошы былі выдзелены з еўрапейскай праграмы Польшча-Беларусь-Украіна, а таксама з польска-швейцарскай праграмы супрацоўніцтва.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара