Аўгустоўская аблава. Палякі знайшлі новыя дакументы



На інтэрнэт-старонках міністэрства абароны Расеі гісторыкі Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы знайшлі дакументы, якія апісваюць працэс правядзення так званай «аўгустоўскай аблавы», — паведаміў 9 лютага Беластоцкі аддзел Інстытута нацыянальнай памяці.

Аўгустоўская аблава — найбольшае і дагэтуль нераскрытае да канца масавае забойства палякаў пасля Другой сусветнай вайны. Следства ў гэтай справе вядзе Беластоцкі аддзел Інстытута нацыянальнай памяці.

Знойдзеныя дакументы пацвярджаюць, што аблаву праводзілі не толькі ў польскай частцы Аўгустоўскай пушчы, але таксама на тэрыторыі Беларусі і Літвы, кажа дырэктар Інстытута Барбара Баярын-Казбэрук:

— Гэтыя дакументы вельмі важныя, бо яны сведчаць пра ахоп: аблава праводзілася не толькі на тэрыторыі паветаў паўночна-усходняй Польшчы, але на тэрыторыі усёй Аўгустоўскай пушчы, таксама і з літоўскага і з беларускага боку мяжы, а гранічнай лініяй аблавы з правага боку была рака Нёман.

 Новыя дакументы таксама сведчаць пра тое, што масавыя пахаванні арыштаваных у час аблавы, знаходзяцца і на тэрыторыі Беларусі. Гісторыкі Беластоцкага аддзела Інстытута нацыянальнай памяці хочуць звярнуцца да ўладаў Беларусі і беларускіх гісторыкаў, па дапамогу ў пошуках  гэтых магілаў.

Аўгустоўская аблава праходзіла з 12 па 19 ліпеня 1945 года. У аперацыі прымалі ўдзел 40000 жаўнераў. Саветы схапілі 7000 асобаў, якіх падазравалі ў супрацы з антыкамуністычным падполлем – мужчынаў, жанчын, падлеткаў, часам па некалькі чалавек з адной сям’і, лёс амаль 600 з іх дагэтуль застаецца невядомым.

На відэа фільм Бэаты Гыжы-Чалпіньскей, які паказвае драму сем’яў ахвяраў Аўгустоўскай аблавы ды распавядае пра следчыя дзеянні, што праводзяцца для высвятлення лёсу зніклых.  Пераклад на беларускую мову: тэлеканал «Белсат»

https://www.youtube.com/watch?v=_j4b6DvhTN4

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток