„Бандароўская гасцёўня” над Семяноўскім вадасховішчам



Ужо 17-ты раз прайшоў традыцыйны народны беларускі фэст “Бандароўская гасцёўня”. Ладзіцца ён у вёсцы Бандары, што на Падляшшы. “Гэта беларускае cвята ладзіцца, перш за ўсё, для людзей, якіх перасялілі ў Бандары з пяці вёсак, якія былі затоплены дзеля пабудовы Семяноўскага вадасховішча. У гэтым ліку – і мая асоба,” – кажа ініцыятар “Бандароўскай гасцёўні” Віктар Бура:

– Я прыдумаў першы фэст. Прыходзіў сюды, сустракаўся з людзьмі. І вырашылі штосьці рабіць, каб людзі не сумавалі. І вось пачаліся тут спевы, беларускі фэст. Людзі прыязджаюць, ідуць на возера і дзівяцца тым месцам, дзе зараз бушуе вада, успамінаюць свае хаткі, свае паселішчы.

На адмысловай сцэне выступілі беларускія калектывы з Падляшша і Беларусі. На мерапрыемстве можна было пабачыць таксама народных майстроў-рукадзельнікаў і іх працы.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя, Бандары

Фота аўтара