Беларускамоўныя адукацыйныя праекты для дзетак



Гайнаўскі праваслаўны дзіцячы садок праводзіць беларускамоўныя праекты.

“Śwujśki jazyk my wyuczym w mig” – гэта адукацыйны праект, які праводзіцца Непублічным дзіцячым садком імя святых Кірыла і Мяфодзія ў Гайнаўцы супольна з гайнаўcкім дзіцячым садком №5. Дзеткі маюць нагоду вывучаць беларускую мову, яе падляшскі дыялект, пазнаваць культуру і традыцыю сваіх продкаў.  

“Хочам, каб гэтыя заняткі дапамаглі спазнаць дзеткам іх спадчыну,” – кажа Кацярына Чурак з  Праваслаўнага Брацтва свсв. Кірыла і Мяфодзія ў Гайнаўцы:

– З моманту ўзнікнення праваслаўнага садка мы думалі, што файна было б вучыць дзяцей сваёй роднай мове, а таксама  песням, вершам, якія ведалі нашыя продкі. Мы напісалі два праекты. У  рамках першага дзеці вывучаюць беларускую мову.

“Наш абавязак зберагаць традыцыю – традыцыйны дашкольнік”. Гэта чарговы праект, рэалізаваны ў супрацоўніцтве з дзіцячым садком №3. Тут дзеткі знаёмяцца з беларускім народным мастацтвам – ў першую чаргу песнямі і танцамі. З верасня пачнуцца тэатральныя і прырода-краязнаўчыя заняткі. Праваслаўны садок увесь час прымае новых дзетак.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара