Беларускі дзіцячы садок у Беластоку адсвяткаваў 65-годдзе



Самаўрадавы дзяцячы садок № 14 у Беластоку з польскай і беларускай мовамі навучання адсвяткаваў юбілей 65-годдзя існавання.

Гадавіна паўстання пляцоўкі была нагодай да сустрэчы выпускнікоў, былых і цяперашніх настаўнікаў і бацькоў. Сёння дзіцячы садок карыстаецца вялікай папулярнасцю з увагі на беларускую мову навучання, кажа дырэктарка пляцоўкі Люцыя Неміровіч:

— Як заўсёды ў нас было многа дзетак і сёлета мы адкрываем 7-ю групу для дзетак беларускай меншасці. Мы вельмі рады, што мы можам тут працаваць з дзеткамі, што можам культываваць культуру нашых дзядоў і прадзедаў, пазнаваць беларускую культуру, сваю культуру, спяваць беларускія песні і вучыць дзяцей, каб яны пачуваліся беларусамі.

Дырэктар беларускага культурнага цэнтра ў Варшаве Міхаіл Рыбакоў:

— Спадзяюся, што беларускасць на Беласточчыне, дзякуючы і гэтаму садку, не загіне. Бо менавіта адсюль пачынаюцца самыя добрыя і самыя цёплыя адносіны да беларускай культуры, да беларускай спадчыны.

Настаўніца Анна Бабік:

— Я жадаю, каб усе былі задаволеныя, каб больш прыходзіла людзей да нас ахвотна і каб выходзілі ад нас заўсёды задаволенымі.

Беларуская мова ў дзіцячым садку № 14 была ўведзеная ў 1995 годзе дзякуючы намаганням дзеячаў беларускай меншасці Падляшша.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток