“Беларускі Трыялог” у Крынках (абнаўляецца)



“Паняцце “тутэйшасці” ў разуменні Янкі Купалы ўжо адыходзіць у нябыт. Сёння мы гаворым хутчэй пра мясцовы, рэгіянальны патрыятызм”, – адзначыў у час дыскусіі ў межах “Беларускага Трыялогу” ў Крынках беларускі мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў. Таксама ён звяртае ўвагу на той факт, што ў сучасным свеце нечакана важным выглядае пытанне самаідэнтычнасці, і сітуацыя на ўсходзе Ўкраіны гэтаму яскравы прыклад:

– Нечакана ў ХХІ стагоддзі гэтая ідэнтычнасць, пра якую мы ўжо сталі казаць, што яна не патрэбная, набывае актуальнае гучанне. Зараз на Украіне ідзе не толькі фізічная вайна, а ідзе вайна за ідэнтычнасць. Раптам узнікае новая ідэнтычнасць, якой раней не было, як “Навароссія” альбо “луганскі патрыятызм”.

“Варта вучыцца супрацьстаяць выклікам сучаснага свету”,  – дадае Міхал Анемпадыстаў.

У межах “Беларускага Трыялогу” дыскусіі тычацца культуры, літаратуры і палітыкі, але ўсе размовы яднае паняцце “тутэйшасці”, якое і стала тэмай сёлетніх сустрэчаў інтэлектуалаў у Крынках.

* * *

У Крынках, на Падляшшы, праходзіць “Беларускі Трыялог”, у межах якога дыскутуюць пра паняцце “тутэйшасці”.

DSC01075

Тут сабраліся прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з Беларусі і Польшчы, палітыкі і праваабаронцы.

“Тутэйшасць – гэта і дрэнна,  і добра”, – кажа прафесар, вядомы мастак беларускага паходжання Лявон Тарасэвіч. Паводле прафесара Тарасэвіча, на цяперашнім этапе “тутэйшасць нясе пэўны негатыў”, але сітуацыя можа змяніцца:

– Калі праходзіць працэс стварэння нацыянальнасці, ізноў прыходзіць хваля тутэйшасці, але зусім іншай, якую сёння можна ўжо назіраць у Фінляндыі, Нямеччыне, Францыі ды іншых краінах. І тады гэта выглядае як пэўны рэгіяналізм. І ён вельмі пазітыўны. Чалавек патрабуе таго, каб быць з мовай, з грамадой, бо дзяржава яму становіцца занадта вялікай. А калі не маем дзяржавы, то тады гэтая тутэйшасць з’яўляецца заступнікам, каб перачакаць, перажыць.

Удзел у “Беларускім Трыялогу” ў Крынках прымаюць пісьменнік Міхась Андрасюк, праваабаронцы Віктар Сазонаў і Алесь Бяляцкі, мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў, польскі палітык і дыпламат Марыюш Машкевіч ды іншыя вядомыя асобы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Крынкі

Фота аўтара