Беларускі ВПК супрацоўнічае з украінскім войскам?



Беларускі вайскова-прамысловы комплекс плённа супрацоўнічае з Украінай. Вялікі аналітычны матэрыял пра гэтае супрацоўніцтва дала ўкраінская рэдакцыя “Нямецкай хвалі”.

Вайсковае супрацоўніцтва Беларусі і Украіны распачалося яшчэ да анексіі Крыма і канфлікта на ўсходзе Украіны. Аршанскі авіярэмонтны завод дэ-факта належыць украінскаму канцэрну “Мотар Січ”, супрацьтанкавыя комплексы “Скіф” маюць беларускія сістэмы прыцэльвання. Але ж, згодна інфармацыі афіцыйнага Менска, адразу пасля пачатку актыўных вайсковых дзеянняў украінскія баявыя верталёты ў Беларусі больш не рамантуюцца і камплектуючыя для супрацьтанкавых комплексаў больш не прадаюцца.

Зрэшты, паводле дадзеных украінскіх экспертаў, з 2014 года Беларусь значна павялічыла экспарт “тавараў падвоенага прызначэння”: авіяцыянага паліва, машынных аліваў, прадукцыі Менскага завода колавых цягачоў, а таксама оптыкі і абсталяванне для радарных сістэм. Не выключаецца, што тыя ж беларускія супрацьтанкавыя комплексы таксама прадаюцца Кіеву, дзе паступаюць на ўзбраенне ўжо пад украінскай маркіроўкай.

Беларускі бок, аднак, катэгарычна запярэчвае супрацоўніцтва з Украінай. Звязана гэта найперш з “саюзнымі абавязкамі” перад Крамлём, а таксама з тым, што афіцыйны Менск пазіцыянуе сябе ў якасці “міратворца”.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя