Беласток адсвяткуе Патранальныя дні горада



З 24 па 28 верасня Беласток адсвяткуе першыя ў сваёй гісторыі Патранальныя дні горада. З лютага гэтага года патронам сталіцы Падляшша стаў блаславёны ксёндз Міхал Сапоцька.

1421918249

28 верасня споўніцца восьмая гадавіна беатыфікацыі звязанага з Беластокам святара. Святкаванне пачне вядомы польскі музыка Пётр Рубік. На працягу некалькіх дзён пройдуць таксама прэзентацыі кніжак, канцэрты і лекцыі, прысвечаныя асобе ксяндза Сапоцькі, кажа прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі:

– У гэтым годзе мерапрыемствы пройдуць вельмі ўрачыста з нагоды таго, што ксёндз Міхал Сапоцька з лютага з’яўляецца патронам нашага горада.

Блаславёны ксёндз Міхал Сапоцька быў звязаны з Беластокам з 1947 году.  Ён трапіў на Падляшша з Вільні, дзе быў пераследаваны савецкімі ўладамі. У Беластоку працаваў настаўнікам у духоўнай семінарыі. Памёр ў 1975 годзе. Яго беатыфікацыя прайшла ў 2008 годзе.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота niedziela.pl