Беласток і Валілы спалучыць летні цягнік?



Маршалкоўская ўправа мае грошы на адкрыццё гэтага спалучэння. Але ўсё залежыць ад самаўрадаў, якія паводле ўправы, павінны таксама дапамагчы фінансава. Кошт адкрыцця летняй лініі Беласток- Станцыя Валілы ў суботу і нядзелю —100 тысяч злотых. Управа абяцае палову ад гэтай сумы, а другую павінны супольна забяспечыць гміны Міхалова, Гарадок, Супрасль, Заблудаў і горад Беласток. Як кажа дырэктар Дэпартамента інфраструктуры Маршалкоўскай управы Лешэк Люлевіч, пакуль фінансавую дапамогу задэкларавалі дзве гміны:

— Сваю адназначную пазіцыю адносна ўдзелу ў гэтым праекце заявілі 2 гміны: Міхалова і Гарадок, але мы ўвесь час чакаем не нейкі адказ з боку ўладаў Беластока, а таксама Супрасля і Заблудава. 

Чыгуначнае спалучэнне на трасе Беласток – Валілы Станцыя аднавілі летась у ліпені, дзякуючы намаганням мясцовага дзеяча Андрэя Каспяровіча. Да пачатку кастрычніка цягніком скарысталіся амаль 2,5 тысячы чалавек. У мінулым годзе па выходных хадзіла адна пара цягнікоў, сёлета плануецца, што такіх цягнікоў будзе дзве пары.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя