Беласток рыхтуецца прыняць маладых паломнікаў



Беларускія паломнікі едуць на Сусветныя дні моладзі, якія 26 ліпеня пачынаюцца ў Польшчы. Раней моладзь з Менску, Гародні, Барысава, Гомеля і Наваградка з’явяцца ў Беластоку. У сталіцу Падляшша прыедзе 52 маладыя беларусы, якія будуць супольна рыхтавацца да цэнтральнага мерапрыемства ў Кракаве. “Агулам жа 20 ліпеня ў Беласток прыедзе 800 пілігрымаў з 18-ці краін свету”, – кажа каардынатарка Сусветных дзён моладзі з Беластоку Ізабэла Срэдзінская:

– У Беласток прыедзе каля 800 пілігрымаў з 18 краін. Яны будуць жыць у 17 парафіях на тэрыторыі нашай дыяцэзіі. Калі казаць пра групы з Усходу – з Расеі, Беларусі, Літвы, то ў парафіі Святога Казіміра спыніцца 88 чалавек, у парафіі Звеставання – 22 прадстаўнікі Беларусі, а ў парафіі Святога Войцэха – 50 пілігрымаў з Літвы.

З 20-га – па 25-га ліпеня маладыя паломнікі будуць супольна маліцца, наведаюць цікавыя месцы на Падляшшы і паўдзельнічаюць у канцэртах. У Беласток прыедуць паломнікі з Швейцарыі, Італіі, Літвы, Расеі, а нават з Анголы, Шры-Ланкі і Аргентыны.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота t-styl.info