Бельск ацэньвае праекты «Конкурса лакальных ініцыятываў»



Узбагачэнне культурніцкай мапы Бельска Падляшскага – ініцыятывы, накіраваныя на такую мэту, прадстаўлялі жыхары горада. У мясцовым Доме культуры адбылася прэзентацыя праектаў, складзеных у рамках «Конкурса лакальных ініцыятываў». Падзея была часткай ініцыятывы «Культурніцкі цягнік – прыпынак Бельск Падляшскі». Сярод удзельнікаў быў Андрэй Сальнікаў, які прадставіў свой праект «Бельск домам паэзіі». «Асноўную ролю ў здзясненні ідэі адыйграла бы моладзь у гімназічным, ліцэйным узросце ды студэнты», – кажа ініцыятар.

– Таленавітыя ў музыцы вучні будуць дэкламаваць вершы паэтаў – украінскіх, беларускіх, польскіх. Будзем звяртацца да крыніц міжнароднай нашай бельскай культуры. І плануем паказаць усё гэта на вуліцы, бо мы выходзім з гэтым на вуліцу, каб кожны мог пераканацца, што гэтая высокая культура не такая ўжо і зачараваная.

На фейсбукавым профілі Бельскага дома культуры да 27 чэрвеня можна галасаваць за найлепшы праект, прадстаўлены на «Конкурс лакальных ініцыятываў». Астатнія ініцыятывы, у справе будучай іх рэалізацыі, будзе ацэньваць камісія, складзеная з інструктараў і дырэкцыі Бельскага дома культуры ды прадстаўніка аддзялення культуры і асветы Гарадской установы.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара