Бельскі белліцэй адсвяткаваў Дзень Волі



Беларускі турнір першакласнікаў, дзе трэба было заспяваць гімн школы «Люблю наш край» ці хаця б паказаць сцэнку на беларускай мове ды прэзентацыя беларускіх страў, падрыхтаваных другакласнікамі – так ІІ Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім адзначыў Дзень Волі.

Паводле настаўніка гісторыі Уладзіміра Вавульскага, святкаванні ў такім выглядзе найлепш трапляюць да моладзі: 

— Я думаю, што ўжо мінула эпоха прамоваў і лінеек, гістарычных дакладаў, і моладзь лепш заахвоціць такім нефармальным святкаваннем, з гумарам. Думаю, яны так больш запомняць і будуць памятаць, што 25 сакавіка яны святкавалі такі дзень — свята незалежнай Беларусі.

Многія з вучняў былі ў адзенні з беларускай сімволікай. На сценах — бел-чырвона-белыя сцягі ды Пагоня.

25 сакавіка вучняў выхадны дзень, таму Дзень Волі адзначылі сёння, 21 сакавіка.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара