БГКТ адзначыла 60-годдзе



Найстарэйшая беларуская арганізацыя ў Польшчы адзначае юбілей — 60-годдзе. Беларускае грамадска-культурнае таварыства было заснаванае 26 лютага 1956 года на хвалі тагачаснай адлігі ў Польшчы. На ўрачыстым пленуме таварыства, якое прайшло 27 лютага ў Беластоку, былі ўзнагароджаны шматгадовыя актывісты арганізацыі.

На думку дырэктара Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы Эдуарда Швайко, БГКТ вельмі станоўча ацэньваюць улады Беларусі.

Сапраўды, гэта праца, якая палітая потам. Таму з вялікай павагай ставімся да гэтага таварыства. Цешымся, што іх 60-годдзе годна адзначаецца. І спадзяемся, што будуць чарговыя юбілеі, што роля таварыства будзе захоўвацца. Мы як прадстаўнікі беларускай дыпламатыі лічым, што меншасці – гэта тыя масты, якія нас спалучаюць.

У час пленума БГКТ ордэнам Францыска Скарыны былі ўзнагароджаны сакратар Валянцiна Ласкевiч і старшыня галоўнага праўлення Ян Сычэўскі.

Мы ўвесь час цягам 60 гадоў нашай дзейнасці не зрывалі кантактаў з Рэспублікай Беларусь, а наадварот – увесь час падтрымлівалі супрацу. Варта сказаць, што БГКТ у Беларусі – гэта не нейкая там ананімная арганізацыя. Гэта арганізацыя, якая вядзе пажытак для беларускай меншасці ў Польшчы. І гэтыя дасягненні Беларусь дацэньвае.

Медаль Францішка Скарыны за дзейнасць у галіне беларускай культуры атрымаў кіраўнік калектыву «Прымакі» Юры Астапчук. Апрача таго, у час урачыстага пленума БГКТ каля дзесяці найбольш заслужаных актывістаў і аніматараў беларускай культуры атрымалі ўзнагароды ад уладаў Польшчы і Падляшскага ваяводства.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі