Больш за 95% студэнтаў ЕГУ – беларусы



«Дзякуючы падтрымцы нашых донараў, беларускія студэнты атрымліваюць зніжку за навучанне, а некаторыя з іх – дадатковую фінансавую падтрымку. Больш за 95% асноўнага прафесарска-выкладчыцкага складу і больш за 60%  адміністрацыйных работнікаў – беларусы,” – такія лічбы прыводзіць менэджэр па камунікацыі і каардынатар па развіцці Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Вільме Венцкутанітэ, каб запэўніць у беларускасці навучальнай установы. Адмысловая заява была распаўсюджанай у беларускіх СМІ.

– Згодна вынікам апытання выпускнікоў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, больш 60% былых студэнтаў жыве ў Беларусі. І больш 12% з іх працуюць і сцвярджаюць, што менавіта ЕГУ дапамог ім дамагчыся поспеху. Ёсць нешта, што ніколі не зменіцца. Гэта абавязальніцтва, якое стаіць перад ЕГУ – наблізіць Беларусь да Еўропы і Еўропу да Беларусі.

У той жа час 57 дзеячаў культуры і мастацтва выступілі з заклікам стварыць Нацыянальны ўніверсітэт. Пад адпаведнай заявай падпісаліся Святлана Алексіевіч, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў, Яўген Вапа, Кася Камоцкая, Максім Жбанкоў ды іншыя вядомыя асобы. Гэтая заява – адказ на выбары рэктара ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, пасля якіх, на думку падпісантаў, універсітэт перастае быць беларускім.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя