Чаму прыходзіць у заняпад Аўгустоўскі канал? (абноўлена)



Істотна пагаршаецца стан шлюзаў Аўгустоўскага канала, капітальна адрамантаваных у 2006 годзе паводле дзяржаўнай праграмы. Неякасна выкананыя працы сталі прычынай таго, што ў многіх месцах абвальваецца цэгла, якая не прызначана для эксплуатацыі ў вадзе.

kanal_1

Заняпад помніка гідратэхнічнага будаўніцтва першай паловы 19 стагоддзя непакоіць не толькі жыхароў краіны, але і грамадзян суседняй Польшчы, якія наведваюць канал у турыстычных мэтах:

– Гэта наша спадчына, якое належыць захоўваць і зрабіць усё магчымае, каб як мага больш яго рэкламаваць. Бо, па сутнасці, у Еўропе гэта адзіны такі турыстычны аб’ект, які дае магчымасць цягам 3-4 дзён праплыць праз тры краіны.

Рэканстуркцыя Аўгустоўскага канала была завершана ў 2006 годзе. Прэзідэнт краіны Аляксандар Лукашэнка асабіста кантраляваў працы, якія адбываліся ў аўральным рэжыме і пакінулі многа пытанняў датычна якасці. Пра зварот шматмільярдных інвестыцый дзяржавы размова пакуль не ідзе – за 9 гадоў з моманту ўводу канала ў эксплуатацыю, аб’ект так і не зацікавіў сваёй прывабнасцю турыстаў.

Галоўнай перашкодай, якая адштурхоўвае турыстаў з Польшчы ад падарожжаў па ваколіцах Аўгустоўскага канала, з’яўляецца візавае пытанне і складанасці з перасячэннем польска-беларускай мяжы.

Адзіны памежны пераход з абмежаванымі функцыямі не ў стане выратаваць сітуацыю, таму беларускім уладам дзеля рэкламы гэтага турыстычнага аб’екта варта паклапаціцца пра палёгкі пры перасячэнні мяжы, мяркуе прадпрымальнік з Аўгустова Дарыюш Зызала:

– Гэты памежны пераход на Кужынцу адкрыты ад 1 траўня да 30 верасня кожнага года, дзе пакуль абслугоўваюцца толькі каякі. Спадзяюся, што колькасць функцый памежнага перахода павялічыцца і з’явяцца пешаходныя і роварныя, тады можна было б займацца ўсімі формамі турызму, якія на гэты момант даступныя.

Яшчэ адна прычына, якая адштурхоўвае польскіх турыстаў ад наведвання Аўгустоўскага канала – непамерна вялікія кошты на паслугі. Прыкладам, шлюзаванне на Аўгустоўскім канале з польскага боку каштуе ў 10 разоў танней, чым на шлюзах, якія знаходзяцца на беларускім баку.

Беларускае Радыё Рацыя