Чарговая дыскусія пра Рамуальда Райса (Бурага)



Каля 420 мерапрыемстваў чакае наведнікаў Падляшскага фестывалю навукі і мастацтва. 14-ы раз беластоцкія ВНУ арганізуюць шэраг сустрэч, прысвечаных розным галінам навукі і мастацтва.

Сёлета некалькі мерапрыемстваў будзе прысвечаныя асобе выклятаму жаўнеру Рамуальду Райсу „Бураму”, які падзяляе палякаў і беларусаў на Падляшшы.

Госці фестывалю пабачаць фільм Агнешкі Арнольд “Герой” пра пацыфікацыю беларускіх вёсак у 1946 годзе атрадамі Бурага. Пасля паказу адбудзецца дыскусія, кажа каардынатар фестывалю Анэта Петэльска:

– У першай частцы будзе паказаны фільм “Герой”. Пазней адбудзецца дыскусія з гісторыкамі і тымі асобамі, якія займаюцца гэтай тэматыкай. Думаю, што гэта выкліча цікавасць, і магчымая вельмі бурлівая дыскусія, бо ёсць як прыхільнікі, так і праціўнікі гэтага героя.

Паказ фільма і дыскусія пройдуць 18 траўня ў 18.00 на гістарычна-сацыялагічным факультэце Беластоцкага ўніверсітэта. У 17.30 адбудзецца сустрэча з аўтарам кнігі „Узброены кафлікт палякаў і беларусаў на прыкладзе асобы Рамуальда Райса (Бурага)”.

Таксама будзе паказаны дакументальны спектакль “Metoda Ustawień Narodowych” на аснове гісторыі беларускіх жыхароў Падляшша, забітых атрадамі “Бурага”.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя