Чарнігаўскі святар з роду Ордаў



Чарнігаў – ці не самы набліжаны да Беларусі ўкраінскі горад. Справа не толькі ў блізкай беларускай мяжы, да каторай ад Чарнігава менш за 100 кіламетраў. Тутэйшая беларуская нацыянальная меншасць – ці не найвялікшая ва Украіне. Шмат у якіх вёсках Рэпкінскага, Шчорскаўскага, Гараднянскага і Менскага раёнаў дагэтуль гавораць мовай, вельмі набліжанай да беларускай. Дый самі ўкраінцы пагэтуль называюць насельнікаў поўначы Чарнігаўшчыны “ліцьвінамі”.

Большасць тутэйшых беларусаў – прыхільнікі Кіеўскага патрыярхату Украінскай праваслаўнай царквы. Значная частка іх – парафіяне Кацярыненскай царквы Чарнігава, пратаіерэй якой, айцец Яўген (Орда) – нашчадак славутага роду Ордаў, з якога паходзіць беларускі мастак, кампазітар і літаратар Напалеон Орда.

З айцом Яўгенам (Ордам) пагутарыў наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

а. Яўген: Нарадзіўся я ў Сургуце. Бацька быў вайскоўцам, маці – медыкам. Потым пераехалі ў Чарнігаў…

РР: А чаму менавіта ў Чарнігаў?

а. Яўген: Калісь тут былі маёнткі маіх продкаў з боку маці, і з боку бацькі. Калі маіх продкаў высялілі з Беларусі, то яны набылі маентак Лугавэ, што на Сівершчыне.

РР: То бок, Орды выехалі з Беларусі пасля паўстання Каліноўскага?

а. Яўген: Так.

РР: Ці ведалі вы ў дзяцінстве ці ў юнацтве пра Напалеона Орду, з роду якога вы паходзіце?

а. Яўген: Дазнаўся толькі ў пятнаццаць гадоў ад бацькі. Тады ён мне і распавёў, што мы – беларусы, што наш ліцьвінскі старадаўні і слынны. Калі пачаў займацца гісторыяй нашага роду, дазнаўся і пра вайсковага інжынера Адама Орду, і пра япіскапа Орду… Каля дзесяці чалавек з нашага роду пакінулі свой след і ў гісторыі Беларусі, і ў гісторыі Расейскай Імперыі…

РР: А што вас натхніла стаць святаром у Чарнігаве?

а. Яўген: Была такая плынь часу ва Украіне. Спярша прэзідэнтам быў Леанід Краўчук. Потым прыйшоў Леанід Кучма, які пачаў душыць усё ўкраінскае. Тады ўкраінскіх патрыётаў садзілі, ганілі і нішчылі. Каб зберагчы сваю веру і свой патрыятызм, я і стаў святаром. Бо царква – другая ўлада ў дзяржаве.

РР: А чаму вы абралі менавіта Украінскую Праваслаўную царкву Кіеўскага патрыярхату?

а. Яўген: Таму што яна ўкраінская! Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату не ёсць ані ўкраінскай, ані беларускай. Гэта царква краіны-акупанта, якая нішчыла і ўкраінскі, і беларускі народы. Гэта – рабы Масквы, рабы „русского мира”, якія апранулі расы паверх пагонаў і лампасаў. Я не мог туды пайсці! Тым больш, мой род крыху звязаны з царквой, і я не мог пайсці ў РПЦ МП.

2015-10-21_achromienka_a.jauhen_orda_czahnihau_1

РР: Раскажыце пра вашу парафію…

а. Яўген: Парафія царквы св. Кацярыны даволі цікавая. Складаецца яна з чарнігаўскай інтэлігенцыі і казакоў. Украінскае казацтва было амаль знішчанае яшчэ за Саветамі, але ўжо ў наш час нашчадкі чарнігаўскага казацтва склалі тут суполку, якая шмат гадоў дамагалася, каб Кацярыненскую царкву, збудаваную, між іншым, на фундацыі чарнігаўскіх казацкіх палкоўнікаў Лізагубаў, перадалі тутэйшай казацкай грамадзе.

РР: Але ж на маёй памяці Кацярыненскую царкву доўга не аддавалі менавіта Кіеўскаму Патрыярхату. На маёй памяці тут стаяў вялізны намёт, у якім сядзелі прадстаўнікі „русского мира”, якія нават агрэсіўна чапляліся да тых людзей, якія размаўлялі між сабой украінскай ці беларускай мовамі!

а. Яўген: Калі чарнігаўскі губернатар падпісаў указ пра перадачу нашай царквы Кіеўскаму патрыярхату, сюды панавозілі багата найманцаў. Масква ім плаціла грошы, вось яны і заміналі перадачы царквы нам. Ужо пасля Майдана гэтыя найманцы ўсім надыкучылі. Хлопцы, якія вартяліся з Кіева, падыйшлі да намёта, дзе жылі тыя найманцы і прапанавалі: “Ідзіце адсюль самі, пакуль цэлыя…” „Русский мир” вырашыў не выпрабоўваць лёс, тым больш, што хлопацы нашыя не любяць паўтарацца двойчы. Маскалі вельмі злякаліся і самі разабралі свае намёты… Больш іх тут не бачылі.

РР: Прыхільнікі ідэй “русского мира”, якія заміналі ўкраінцам пайсці ў сваю царкву, былі чарнігаўскія, ці аднекуль здалёк?

а. Яўген: Нашыя, пераважна з чарнінгаўскіх вёсак. Але ж расейская царква ўцямешыла ім у галовы, што яны – расейцы, што няма аніякага ўкраінскага і беларускага народаў, што мы ўсе – “трыадзіны народ”, што “ўкраінцаў і беларусаў прыдумалі палякі і жыды”. Потым такіх замбаваных людзей і цкуюць і на беларусаў, і на ўкраінцаў, каб яны змагаліся і супраць Маці-Радзімы, і супраць роднай царквы…

РР: У вашай парафіі ёсць і тутэйшыя беларусы. Раскажыце, як можна, пра іх!

а. Яўген: У нас тут даволі багата беларусаў. Беларускія дзяўчаты, якія з нашай парафіі, працуюць у валанцёрскім цэнтры, шмат у чым мне дапамагаюць. Я часта бываю на фронце, з дапамогай нашым хлопцам, маю ўжо больш за 30 паездак у зону Антытэрарыстычнай аперацыі. Нашыя чарнігаўскія беларускі вельмі набожныя і вельмі працалюбныя, іх тут усе паважаюць.

РР: Неяк вы расказвалі, як патрапілі пад абстрэл расейскімі “Градамі”…

а. Яўген: Гэта было, калі мы ездзілі з валанцёрскай дапамогай у Айдар. Восем гадзінаў расейцы дзяўблі нас “Градамі”. Пад пасёлкам Шчасце, дзе мы былі, глебы няма, адразу парода, і абсалютна няма дзе схавацца. Там усе падчас абстрэлаў сядзяць па хатах. Таму вельмі багата страт і сярод вайскоўцаў, і сярод цывільных, і сярод валанцёраў. Мяне Бог мілаваў…

РР: А што вы вазілі ў Айдар?

а. Яўген: Абутак, харчы, вопратку, біноклі… Усё, пра што нас прасілі.

РР: У Чарнігаве ёсць не толькі праваслаўныя. Ёсць і каталікі, тыя ж беларусы. Ёсць і армянская царква, і цэрквы розных пратэстанцкіх накірункаў. Як складаюцца з імі адносіны?

а. Яўген: У нас з імі добрыя адносіны. Адно – не надта складаюцца адносіны з Украінскай Праваслаўнай Царквой Маскоўскага Патрыярхату… Яны з намі не вітаюцца, гавораць пра нас розную брыдоту…

РР: Вы – першы чарнігаўскі святар, які падчас хросту скарыстаўся беларускай мовай… Ці цяжка было без досведу?

а. Яўген: Так. Некаторыя малітвы перакладаліся менскімі святарамі, тое-сёе ў дыяспары. Шмат працы было – трэба было ўсё сабраць да купы і выбраць з некаторых варыянтаў. Гэта быў беларускі хрост, які ўсім сагрэў душу і сэрца. Увогуле, трэба маліць Бога, каб ён адплюшчыў духоўныя вочы людзям, каб яны зразумелі, што жывуць у сваёй, а не ў чужой дзяржаве. Гэта тачыцца і беларусаў. Каб яны нарэшце зразумелі, што ім трэба жыць у беларускай еўрапейскай дзяржаве, а не ў той Беларусі, якая крок за крокам стае шматам Расеі.

Беларускія дыяспара Чарнігава традыцыйна сябруе з украінскімі патрыятычнымі арганізацыямі, сярод якіх ці не на першым месцы – чарнігаўская “Самабарона Майдану”, актывісты каторай заўсёды бяруць удзел ва ўсіх беларускіх мерапрыемствах.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя