Чаромха і Мілейчыцы могуць атрымаць дафінансаванне на спартовыя аб’екты



Каля васьмі мільёнаў злотых дафінансавання атрымаюць Падляшскія гміны і арганізацыі на будову і рамонт спартыўных аб’ектаў. Грошы паходзяць з Міністэрства спорту і турызму а іх размеркаваннем зоймецца Маршалкоўская ўправа Падляшскага ваяводства.

Першынства ў атрыманні дафінансавання будуць мець самаўрады, у якіх няма такіх аб’ектаў. Сярод іх гміны Чаромха ды Мілейчыцы, кажа сябра ўправы ваяводства Багдан Дыюк:

— Дафінансаванне не можа быць меншым за дваццаць пяць адсоткаў, але можа быць і пяцьдзесят і семдзесят адсоткаў. Гэта вырашаецца на падставе каэфіцыента даходаў дадзенай гміны ў параўнанні з даходамі ўсіх гмінаў у Польшчы. Некаторыя з нашых гмінаў, з якімі я ўжо гаварыў і якія задумваюцца над удзелам у праграме, могуць атрымаць пяцідзесяціадсоткавае дафінансаванне.  

Зацікаўленыя самаўрады, арганізацыі ды клубы павінны заявіць пра жаданне прымаць удзел у праграме развіцця спартыўнай базы ваяводства да 12 лютага.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя