Чаромха стала цэнтрам фольк-музыкі ў Польшчы



Пачаўся ХХІ Фестываль культур і народаў «З вясковага панадворка». Цягам трох дзён сотні фанатаў гэтага жанру музыкі змогуць паслухаць гурты з Турцыі, Зімбабве, Венесуэлы ці Балгарыі. На думку лідара гурту „Дабранач” з Расеі Іллі Гіндзіна, музыка фольк мае шмат аматараў, чаго прыкладам з’яўляюцца „Фолькі”.

— Я думаю што безумоўна гэтая музыка заўсёды папулярная, бо гэта тое, адкуль пайшла ўся іншая музыка. Таму яна заўсёды будзе вельмі папулярная і гэта проста выдатна.

Арганізатар фестывалю Міраслаў Самосюк:

— Гэты маленькі гарадок становіцца цэнтральным пунктам, куды людзі хочуць ехаць. І гэта дзякуючы тым людзям, якія ахвяравалі свой час не на тое, каб паехаць у Афрыку, у Кракаў ці ў Беласток, толькі каб прыехаць у Чаромху. І гэта сведчыць і пра іх і пра нас, што мы робім добрую імпрэзу, на якую варта прыязджаць.

— Не трэба жыць на прасторы у дваццаць квадратных кіламетраў, бо свет шырэйшы і за даляглядам — наступны далягляд. І там ёсць людзі  і яны думаюць і адчуваюць так, як і мы.

 

Фестываль культур і народаў «З вясковага панадворка”суправаджаюць паказы фільмаў, прэзентацыі кніжак а таксама майстар-класы. У рамках мерапрыемства адбудзецца ІІІ агляд народных гарманістаў і мяч балотнага футболю.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя