Дэмаркацыю беларуска-ўкраінскай мяжы на Валыні блакуюць мясцовыя



Дэмаркацыю беларуска-украінскай мяжы на Валыні блакуюць мясцовыя жыхары. У прэс-цэнтры Памежнай службы Украіны мяркуюць, што гэта можа адмоўна паўплываць на ўкраінска-беларускія адносіны.

Паводле меркаванняў жыхароў украінскіх вёсак, памежных з Беларуссю, украінска-беларуская дэмаркацыйная лінія праведзеная няправільна, бо абмяжоўвае доступ вяскоўцаў да вады Жыроўскага канала, які знаходзіцца ў зоне размежавання. Валыняне неаднаразова выступалі супраць усталявання памежных знакаў і нават паабяцалі спаліць будаўнічую тэхніку, у выніку чаго беларускі бок у лютым 2016 года быў змушаны прыпыніць палявыя працы.

Украінскія памежнікі, аднак, мяркуюць, што справа палягае не ў абароне дзяржаўных інтарэсаў. У тым разе, калі дэмаркацыйная лінія будзе праведзеная ў адпаведнасці з двухбаковымі дамоўленасцямі, жыхары памежных валынскіх вёсак не змогуць браць ваду з Жыроўскага канала, якая неабходная для вымывання бурштыну, які здавён здабываецца ў тых рэгіёнах браканьерскімі спосабамі.

Украіна займае другое месца ў свеце па здабычы бурштыну. Большасць бурштынавых радовішчаў знаходзіцца ва ўкраінска-беларускім сумежжы.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя