Два цягнікі на Басовішча і адзін на Сяброўскую бяседу



Будуць два вечаровыя цягнікі на Басовішча і адзін на Сяброўскую Бяседу ў Гарадку.

Маршалкоўская ўправа Падляшскага ваяводства мае грошы на адкрыццё летняга чыгуначнага злучэння з Беластока ў Валілы Станцыю.

Кошт адкрыцця летняй лініі Беласток-Валілы ў суботу і нядзелю — 94 тысячы злотых. Палову гэтай сумы абяцае Маршалкоўская ўправа, другую частку павінны забяспечыць супольна гміны Міхалова, Гарадок, Супрасль, Заблудаў і горад Беласток. Пакуль рашэнні ў гэтай справе прынялі толькі гміна Гарадок і Міхалова.

На ўчарашняй сесіі рады горада Беластока радны Томаш Мадрас склаў запыты да прэзідэнта Тадэвуша Трускаляскага ў справе фінансавання цягніка. Паводле яго слоў у бюджэце на 2017 год запісаная квота памеру 12-15 тысяч злотых на дафінансаванне цягніка.

— У гарадскі бюджэце Рада пакінула мэтавы запас. І таму, дзякуючы нашаму рашэнню, ужо забяспечаныя фінансавыя сродкі на гэтае спалучэнне. І калі прэзідэнт не  зробіць нічога то выйдзе, што ён як бы змарнаваў гэтыя грошы. Таму я разлічваю, што ён нешта зробіць.

Чыгуначнае злучэнне на трасе Беласток – Станцыя-Валілы узнавілі ў ліпені мінулага года дзякуючы намаганням мясцовага дзеяча Аднрэя Каспяровіча.

У мінулым годзе кожную суботу і нядзелю хадзіла адна пара цягнікоў. Цяпер улады ваяводства рыхтуюць дзве пары. Дадатковыя цягнікі паедуць таксама 14 і 15 ліпеня на Басовішча і 29 ліпеня на Саброўскую Бяседу.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток