BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дзень Волі ў Беластоку адзначаць небывалым канцэртам

Госці Рацыі — выконваючы абавязкі дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Анатоль Вап і намесніца дырэктара Ілона Карпюк.

РР: Мы паразмаўляем пра 25 сакавіка. Сёлета, наколькі я ведаю, маштабныя планы адзначэння свята. Можа напачатку прыгадаем гісторыю святкавання 25 сакавіка ў Беластоку.

Ілона Карпюк: Мая гісторыя карацейшая, хіба што Анатоль можа распавесці даўжэйшую гісторыю. Я сама не з Беластоку. Першы раз я святкавала Дзень Волі ў беларускім ліцэі ў Гайнаўцы. Ладзілі гэтыя святкаванні пры падтрымцы нашых настаўнікаў. Гэта быў пералом тысячагоддзя. А тут у Беластоку Дзень Волі святкуецца значна раней.

Анатоль Вап: Так, сапраўды, у Беластоку мы пачалі раней. Хаця я таксама не беластачанін. Але я тады ўжо быў студэнтам філіяла Варшаўскага ўніверсітэта. І калі я добра памятаю, то ўпершыню я святкаваў ў 1986 годзе, святкаванне было наладжана Беларускім аб’яднаннем студэнтаў, якое тады было актыўнае і шмат студэнтаў былі яго сябрамі. Ці ведаў раней? Раней ведаў пра гэтае свята, бо мая сястра была студэнткай Варшаўскага ўніверсітэта і прывозіла розныя студэнцкія друкі. Там студэнты раней святкавалі за нас.

РР: Ужо з’яўляецца інфармацыя, што нешта цікавае рыхтуецца. Хачу ад вас пачуць нейкія падрабязнасці. Будзе відавочна цікава, асабліва пасля мінулых каронавірусных гадоў, калі было шмат абмежаванняў.

Ілона Карпюк: Былі абмежаванні, але я думаю, што кожны год стараліся разам адзначаць з тымі беларусамі, якія прыехалі ў апошнія гады. Надалей існуе арганізацыйны камітэт, які складаюць прадстаўнікі розных арганізацый, як меншасці, так і беларусаў з дыяспары. Можам ужо называць сябе агульнай беларускай супольнасцю ў нашым рэгіёне. Такім чынам, ёсць аргкамітэт. Але калі паўстаў Цэнтр беларускай культуры, то ў нас паўстала пытанне, што робім з Днём Волі. І вырашылі, што сёлета зробім штосьці такое, чаго раней не было. То бок будзе канцэрт, якога раней не было. Не таму, каб паказаць, што Цэнтр нейкая маштабная ўстанова, не маштабная, гэта маленькі калектыў людзей, але з’яўленне Цэнтра павялічвае магчымасці. І сімвалічна хочам зрабіць канцэрт, якога ў нас раней не было. І таму вырашылі пайсці ў бок канцэрта з музыкай крыху гістарычнай, ад беларускай класікі з мінулых стагоддзяў, да сучаснай аркестровай. Першай інфармацыяй сталася вестка пра тое, што можа нам удасца намовіць на выступ Іллю Сільчукова. Мяне такая інфармацыя вельмі падштурхнула да дзеянняў. Ведаем, што Ілля Сільчукоў быў салістам Вялікага тэатра ў Менску. Ён таксама меў выступы ў тэатры ў Варшаве. Ён таксама спяваў сольныя партыі ў Оперы ў Беластоку. Так што з розных бакоў ведаю ягоную працу. Першая думка, запросім і пад фано ён праспявае песні. А з другога боку падумалі, ну калі ўжо запрашаць яго ажно з Бостана, дзе ён зараз рыхтуецца да прэм’еры ў Бостанскай оперы, то тады давай зладзім нейкі аркестр, які зайграе, каб спявак змог свае магчымасці паказаць поўнасцю. І крок за крокам канцэрт разбудаваўся да такога маштабу, які ўжо ведаем сёння.

РР: Пра аркестр вы заінтрыгавалі. Якая гэта будзе зала? І што гэта будзе за аркестр?

Ілона Карпюк: Асновай гэтага аркестра, які мы для гэтага канцэрту назвалі «Classic modern orchestra», будзе Вольны аркестр. Гэта прафесійныя музыкі, якія жывуць у Варшаве, працуюць супольна. Але іх не хапае, каб зладзіць вялікі аркестр і зайграць на гэтым канцэрце. Таму запрасілі да супрацоўніцтва іншых прафесійных музыкаў. Гэта музыкі, якія працуюць у Варшаве, музыкі радыё, музыкі оперы. Рэпетыцыі ўжо пачаліся, яны ідуць у Варшаве, бо там жывуць і працуюць музыкі. Канцэрт абудзецца ў Падляшскай оперы і філармоніі па адрасе Падлесна, 2.

Цалкам матэрыял:

YouTube player
YouTube player
YouTube player

Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя