Дзіцячы летнік у Семяноўцы



У Семяноўцы праходзіць летнік для дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову. Больш за дзесяць гадоў у розных мясцінах Падляшша  аб’яднанне “АБ-БА” ладзіць тыднёвыя этнаграфічныя сустрэчы.

DSC02195

Сёлета мерапрыемства праходзіць у Семяноўцы каля вадасховішча. Дзеці вучацца падчас гульняў, танцаў, спеваў і народнага майстэрства. Мастацкія заняткі, у час якіх прымяняюцца элементы тэатральнай педагогікі, спрыяюць умацаванню пачуцця тоеснасці ды агульнаму развіццю дзяцей:

– Спадарыня Аліна прачытала нам вельмі цікавую казку пра мядзведзя, які ніколі не забыў, адкуль ён, хто ён.

– У нашай настаўніцы з’явілася такая ідэя, каб зрабіць беларускі летнік, які б вяртаў дзяцей да традыцый.

Настаўніца беларускай мовы Аліна Ваўранюк:

– Летнік добры для таго, каб зрабіць тое, што не атрымліваецца зрабіць на ўроках. І каб дзеці не зразумелі, што яны вучацца.

– Мой сябар таксама добра ведае беларускую мову, але ён не стараецца. А мы стараемся, добра ведаем беларускую мову, таму і паехалі на гэты летнік.

– Канікулы – гэта час адпачынку. На летніку вучымся праз гульню ўвесь час чамусьці новаму.

Сёлета адным з гасцей летніка будзе вядомы пісьменнік і арнітолаг Міхал Ксёнжак. Ужо традыцыйна з вынікамі тыднёвай працы вучняў зможам пазнаёміцца ў час падвядзення вынікаў майстар-класаў.

Поўны матэрыял слухайце у далучаным аўдыёфайле:

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі