“Galeria Jurowiecka”: у першыя дні зніжкі ды атракцыі



Беласток яшчэ шырэй адчыняе свае дзверы для пакупнікоў з Беларусі. 24-га кастрычніка, першых кліентаў прымае “Galeria Jurowiecka”, размешчаная ў самым цэнтры горада. Гэта буйны гандлёвы цэнтр спалучаны з кінатэатрам, кавярнямі, фітнэс-цэнтрам і гатэлем.

DSC01844

Пяць гадоў таму галоўны інвестар Канстанты Струс (Konstanty Strus) набыў пляц у цэнтры Беластоку, на скрыжаванні вуліц Сенкевіча і Юравецкай. Доўгі час гэты пляц заставаўся пустым, хоць раней тут быў і аўтобусны вакзал і нават звычайны рынак. Выклік стаяў вялікі – пабудаваць сучасны гандлёвы комплекс у горадзе, дзе ўжо і так дастаткова вялікая канкурэнцыя на гэтым рынку.

Як кажа галоўны інвестар ды ініцыятар Канстанты Струс (на фота ніжэй – у цэнтры), хоць будоўля і трывала даволі доўга, але вынік ня можа ня радаваць. Нас жа радуе тое, што ў новай Галерэі Юравецкай чакаюць на кліентаў з-за ўсходняй мяжы:

Нашыя браты з-за ўсходняй мяжы ўжо паінфармаваныя. Два тыдні таму я быў у Гародні, і там мы размаўлялі наконт супрацы з медыямі, нашая рэклама ёсць у газеце „Вячэрні Гродна”. Мы хочам таксама арганізаваць так званую „турыстыку па пакупкі”, праводзім перамовы з перавозчыкамі, якія арыентуюцца ў гэтым рынку. У Гародні пражывае каля трохсот тысяч чалавек, многія з іх маюць візы і няма праблемы, каб яны сюды прыязджалі. Мы будзем працаваць над тым, каб як мага больш кліентаў з Гародні, і не толькі з Гародні, да нас прыязджала. Але гэта праца найперш для службы маркетынгу і для кіраўніка. 

DSC01857

Як працягвае Канстанты Струс, галава прыватнай сямейнай кампаніі пад такой самай назвай, для кліентаў з Беларусі прадугледжаны шэраг адмысловых умоваў, якія маюць павялічыць камфортнасць у час пакупак:

Гэта паркінг насупраць галерэі, паўгектара зямлі. Гэта бесплатны на працягу першых трох гадзінаў паркінг, пазней трэба плаціць, гэта зроблена дзеля таго, каб была ратацыя аўтамабіляў. Паркінг абазначаны, таксама і на расейскай мове. Мы зацікаўлены ўсходнім рынкам. На паркінгу 200 месцаў для аўто і шэсць для аўтобусаў, але ў выпадку патрэбы, гэты паркінг мы пашырым.

DSC01852

На пытанне нашага Беларускага Радыё Рацыя, чаму інфармацыя для патэнцыйных кліентаў з Беларусі падаецца па-расейску прагучаў ня толькі адказ, але і адно абяцанне:

Мы вельмі разлічваем на нашых сяброў з-за ўсходняй мяжы. Калі некага гэта „зачапіла”, то няма праблемы, дапішам яшчэ і па-беларуску. Але я ведаю, што ўсе беларусы ведаюць расейскую мову. Калі я быў у Гародні, то бачым там усе надпісы таксама па-расейску. Можа не знаю так добра Гародню, але мне падалося, што расейская мова – ўсім добра вядомая і прымаецца ўсімі. Але дзякую. У нас ёсць інфармацыя здаецца на пяці мовах, мы дапішам яшчэ па-беларуску. 

DSC01848

Таксама да Канстанты Струса журналісты накіравалі пытанне пра вяртанне падатку VAT. Ці будзе такая магчымасць, бо гэта вельмі важна для беларускіх пакупнікоў?

Будзем над гэтым працаваць, гэта справа кіраўніка галерэі, каб такі пункт паўстаў. Я лічу беларусаў нашымі сябрамі. Мы былі і ў Гародні, і ў Берасці, я захоплены гарадамі, як яны загаспадараваныя. Я не хачу тут, барані божа, закранаць палітыку, але гэта іншы свет, гэта зусім не тое, пра што нам польскія медыі гавораць. Мы сапраўды адкрытыя, зычлівыя. І магчыма падумаем пра гэты рынак, бо, напрыклад, улады Берасця вельмі адкрытыя для інвестыцый. Будзем у гэтым напрамку працаваць. А Tax Free, калі і не адразу, але будзе працаваць з думкай пра выгаду для нашых кліентаў. Ужо ёсць пукнт абмену валюты, і курс там будзе вельмі выгадны, а я, напэўна, прасачу за гэтым. 

DSC01855

Застаецца дадаць, што Галерэя Юравецкая – гэта больш за 24 тысячы квадратных метраў гандлёвых плошчаў. У самым гандлёвым цэнтры знаходзіцца 115 крамаў, а працу тут атрымае нават да 600 чалавек. Што тычыцца гатэля, то яго адкрыццё адбудзецца ў сакавіку наступнага году. А ў суботу і нядзелю, 24-25 кастрычніка, у першыя дні працы новага гандлёвага цэнтру, кліентаў чакаюць шматлікія зніжкі і забаўляльныя мерапрыемствы, выступаць будзе, між іншымі, папулярная польская спявачка Эва Фарна, парадуе сваіх прыхільнікаў і калектыў чачэнскага танца Lovzar з Беластоку. Шмат забаўляльных мерапрыемстваў запланавана для дзяцей.

DSC01854

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара