Гімназісты чыталі дашкольнікам беларускія казкі



Гімназісты чыталі дашкольнікам казкі на беларускай мове. Першы і другі клас гімназіі №7 у Беластоку выступіў перад самай маладой аўдыторыяй. Дзеткі з беларускага дзіцячага садка мелі магчымасць пачуць самыя вядомыя казкі, якія зачытала ім моладзь. На думку ініцыятаркі сустрэчы, настаўніцы беларускай мовы Эльжбеты Рудкоўскай, такія акцыі дазваляюць ствараць атмасферу цяпла і блізкасці, а дарослым і моладзі таксама ствараюць нагоду, каб адпачыць ад штодзённага шуму.

– Вядома, гэта ўжо моладзь, але яны ўсё роўна любяць казкі. Таму гэтая думка ім вельмі спадабалася, падышлі да гэтага ахвотна. Адразу пачалі прыпамінаць, як у садку было цудоўна, як рабілі тут першыя крокі. І нават шкадуюць, што гэтыя гады ўжо за плячыма.

Ідэя чытання казак моладдзю нарадзілася з конкурсаў, якія праходзяць у сёмай гімназіі. Штогод вучні выбіраюць свае любімыя казкі і зачытваюць іх перад аўдыторыяй. Сёлета гімназістаў можна будзе пачуць таксама на хвалях нашага радыё ў перадачы Элі Бурай „Казкі малышам”.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтаркі