Гжэгаж Схетына наведаў Беласток



„Мы выступаем супраць абмежавання магчымасці балатавацца на трэці тэрмін войтам, бурмістрам і прэзідэнтам гарадоў”, – адзначыў старшыня партыі „Грамадзянская платформа” Гжэгаж Схетына падчас візіту ў Беласток.

Кіраўнік найбуйнейшай апазіцыйнай партыі ў польскім Сейме сустрэўся з прадстаўнікамі падляшскіх самаўрадаў і прадставіў план на бліжэйшыя выбары самаўрадаў.

Як кажа Гжэгаж Схетына, „Грамадзянская платформа” ў рэгіёнах можа пайсці на выбары разам з партыяй „Навачэсна” ў кааліцыі з мясцовымі незалежнымі палітыкамі:

– Партыі, якія падзяляюць бачанне польскіх лакальных самаўрадаў, павінны быць разам. Найлепш, каб яны былі ў адным спісе, найлепш таксама з незалежнымі прадстаўнікамі самакіравання, якія не маюць партыйных пасведчанняў.

На сустрэчу з палітыкам прыбылі падляшскія незалежныя самаўрадаўцы, сярод якіх, войт гміны Гарадок Веслаў Кулеша і войт гміны Мельнік Яўген Віхоўскі.

Выбары ў самаўрады адбудуцца восенню 2018 года. Паводле палітыкаў кіруючай партыі “Права і справядлівасць”, урад павінен забараніць войтам, бурмістрам і прэзідэнтам балатавацца на трэці тэрмін.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя