„Halfway Festival” абрэзалі фінансаванне



Беластоцкі „Halfway Festival” пройдзе, але ў скарочаным фармаце.

У сувязі з недаатрыманнем фінасавання з бюджэта горада арганізатары скарачаюць мерапрыемства з трох да двух дзён. Першапачаткова планавалася, што напрыканцы чэрвеня ў амфітэатры пры Падляшскай оперы і філармоніі выступіць 14 выканаўцаў. Аднак, як кажа дырэктар оперы Дам’ян Танаеўскі, колькасць выступоўцаў будзе зменшана ў сувязі са скарачэннем бюджэта:

– Бюджэт дакладна будзе меншы, чым быў запланаваны, бо пачаткова было больш за 500 тысяч злотых. Цяпер мы павінны зрабіць усё, каб абрэзаць гэты бюджэт і дастасаваць да фінансавых магчымасцяў оперы. Мы былі і з’яўляемся надзейным партнёрам, у сувязі з гэтым усе артысты, якія былі абвешчаны дагэтуль, з’явяцца на фестывалі „Halfway”.

Арганізаваны Падляшскай операй і філармоніяй фестываль „Halfway” праходзіць з 2012 года. Раней на ім, сярод іншых, выступалі беларускія гурты „Людзі на балоце”, „Re1ikt”, „Navi”, „HandmadE” ды Паліна Рэспубліка.

Сёлета фестываль пройдзе ў апошнія выходныя 23-25 чэрвеня.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя