ІНП просіць паспрыяць у пошуку пахаванняў ахвяр „Аўгустоўскай аблавы”



Польскі Інтытут нацыянальнай памяці заклікае беларускія ўлады, каб дазволілі праверыць магчымыя месцы пахавання ахвяраў гэтак званай „Аўгустоўскай аблавы”. У 71-ю гадавіну старшыня беластоцкага аддзелу ІНП Барбара Баярын-Казбэрук у чарговы раз накіравала зварот беларускаму боку. Раней Менск адмовіўся ад юрыдычнай дапамогі ў гэтай справе.

„Дзякуючы дакументам, размешчаным на інтэрнэт-старонках Міністэрства абароны Расеі, ІНП вывучыў месцы масавых пахаванняў,” – кажа Барбара Баярын-Казбэрук.

– Гэта месца знаходзіцца па-за межамі Польшчы, гэта тэрыторыя даўняй леснічоўкі, якая знаходзіцца ў памежнай зоне па беларускім баку. Таму звяртаемся з заклікам да беларускіх уладаў па дазвол на тое, каб здзейсніць у гэтым месцы пошукі і высветліць, ці з’яўляецца гэта месца – месцам спачыну ахвяр „Аўгустоўскай аблавы”.

„Аўгустоўская аблава” праходзіла з 12 па 19 ліпеня 1945 года. У аперацыі прымалі ўдзел 40000 жаўнераў. Саветы схапілі 7000 асобаў, якіх падазравалі ў супрацы з антыкамуністычным падполлем. Лёс амаль 600 з іх дагэтуль невядомы.

zdjęcie 5

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя