Калі дажынкі, дык з беларускім прыпевам



Калі дажынкі, дык з беларускім прыпевам. Пачынаюцца ХІІ Падляшска-палескія жніўныя сустрэчы «Алень па бору ходзіць». Вуліцамі і палямі Пашкоўшчыны (што на Бельшчыне) пройдуць жніўныя карагоды. «Можна лічыць, што тыя жніўныя сустрэчы спалучаюць беларусаў з Беласточчыны з суседзямі з Палесся і іншых рэгіёнаў Беларусі», кажа Дарафей Фіёнік з Музея малой бацькаўшчыны ў Студзіводах, які з’яўляецца галоўным арганізатарам мерапрыемства:

— Гэта такая ідэя сустрэчы пры працы, на полі, якая потым пераходзіць у супольнае спяванне, танцы і музыкаванне, але ў цэнтры — поле, жыта, збожжа. Гэта час такога летняга высілку людзей, што працуюць на зямлі, які ў даўнейшыя часы быў больш цяжкай працай чым цяпер, але песня дапамагала адпачыць і напоўніцца сіламі на далейшую працу.  

Пасля абходу жыта і карагодаў адбудуцца танцы з жывой музыкай. Пачатак мерапрыемства 30 жніўня у 15:00, а таксама ў нядзелю 31 ліпеня ў 14:30 карагоды пройдуць Паўловічах (што ў Сямятыцкім павеце).

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя