„Каралеўства”: Адкрый таямніцы Белавежскай пушчы



Белавежская пушча на вялікім экране. Ужо ў пятніцу ў Беластоку адбудзецца прэм’ера дакументальнай стужкі “Каралеўства”. Фільм здымалі ў Белавежскай пушчы і на Бобраўскіх балотах. Ён расказвае пра старажытную Еўропу і яе лясную фауну і флору. Аўтарамі “Каралеўства” з’яўляюцца творцы вядомых фільмаў “Мікракосмас” і “Макракосмас” – Жак Пэрын і Жак Клюзо.

Адным з аператараў стаў вядомы польскі фатограф прыроды Ян Валенцік. Паводле яго словаў, фільм паказвае змены, якія прайшлі ў пушчы на працягу 20 тысяч гадоў.

– Сама драматургія палягае на зменах, якія адбываюцца ў лясной прыродзе, бо наш кантынент раней пакрывалі старажытныя лясы, якія з’яўляюцца сціплымі фрагментамі сучаснай Белавежскай пушчы.

Бюджэт фільма склаў 30 мільёнаў еўра. 100 тысяч злотых дала Маршалкоўская ўправа Падляшскага ваяводства. Польская прэм’ера фільма “Каралеўства” адбудзецца 16-га верасня. Два перадпрэм’ерныя паказы запланаваныя на 8 і 9 верасня ў “Кіно Форум”.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя