Купалле ў Залуках — падляшская традыцыя



Пусканне вянкоў па рацэ Супрасль, пошукі папараць-кветкі і канцэрты народных калектываў – усё гэта прайшло ў час «Купальночкі», якая адбылася ў Залуках на Падляшшы. У гэтую вёску штогод прыязджаюць на свята не толькі жыхары гміны Гарадок, але і людзі з іншых куткоў ваяводства. «Гэта ўжо традыцыя», — кажа дырэктар Гміннага цэнтра культуры ў Гарадку Юры Астапчук:

— Мы адзначаем «Купальночку» у нашай гміне і мяне вельмі цешыць, што прыязджае шмат калектываў з розных мясцовасцяў, якія падтрымліваюць гэтую традыцыю, звязаную з самым галоўным у сэрцы, з любоўю. Сёння можна шукаць папараць-кветку — сваю любоў.

У час «Купальночкі» акрамя мясцовых калектываў «Калінка» і «Залукі», выступіў таксама вядомы на Падляшшы калектыў «Хутар» з Гарадка. Зоркай канцэрту сталі «Прымакі».

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя