Люцыя Неміровіч: Сардэчна запрашаем у наш дзіцячы садок!



У студыі Беларускага Радыё Рацыя – Люцыя Неміровіч  дырэктарка адзінага беларускага дзіцячага садка №14 у Беластоку.

Прадшколле 14

РР: Мы сустракаліся яшчэ напрыканцы навучальнага года, і тады яшчэ не было вядома як вы будзеце працаваць, колькі будзе аддзелаў і дзе яны будуць месціцца. Ці вырашыліся гэтыя праблемы?

Люцыя Неміровіч: Сёння ўжо вядома, што мы можам адкрыць аддзел у пачатковай школе №15. Адбылася сустрэча рабочай групы, на якой прысутнічалі старшыня аб’яднання АБ-БА Кася Паўлоўская, Ілона Карпюк-Дамброўская, Бася Пякарская, прысутнічалі дэпутат гарадской улады Славамір Назарук і дарадца прэзідэнта горада Марк Масальскі. Мы вырашылі, што трэба звярнуцца да прэзідэнта Беластока, каб гэтую групу адкрыць, бо 6 дзетак не маюць магчымасці займацца ў беларускім садку (фармальна патрэбна 7 чалавек). Зараз мы ўжо сабралі групу з сямі дзетак, і прэзідэнт даў згоду на адкрыццё групы.

Таму хачу сардэчна запрасіць дзетак, якія маюць ад 2.5 да 4 гадоў, да нас, гэта будзе змешаная група з беларускай мовай навучання. Таму што, зразумела, мы хочам, каб там было іх не 7, а значна больш. 

РР: Якія ўмовы будуць створаныя для дзетак у гэтым асяродку?

Люцыя Неміровіч: Там вельмі добрыя варункі, вялікая аўдыторыя, зала забаў. Бацькі не павінны баяцца, ім трэба пагаварыць з бацькамі, дзеткі якіх хадзілі ў такія садкі. Мы працавалі і ў прачатковай школе №4, і №12.

РР: Многія бацькі перажываюць, што гэтыя аддзелы будуць далёка ад нагляду спадарыні дырэктаркі.

Люцыя Неміровіч: У нас выдатныя настаўніцы – лепшыя з лепшых! Там будзе працаваць настаўніца Анна Бабік, бацькі вельмі хацелі, каб яна працавала, і Эмілія Базылюк – яна маладая, але вельмі сардэчная, любіць дзяцей і добра працуе.

РР: Калі можна прыносіць заявы, каб запісацца ў беларускія групы?

Люцыя Неміровіч: Нашае прадшколле заўсёды адкрытае, таму заяўкі можна прыносіць кожны дзень па адрасе: Алея Пілсудскага 20/4, тэл. (85) 74-21-905, e-mail: [email protected] Сардэчна ўсіх запрашаем!

З Люцыяй Неміровіч гутарый Мікалай Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.