Марш «Беласток — вольны ад нянавісці»



Беласток — шматкультурны, шматнацыянальны, але перад усім — свабодны ад нянавісці. Каля 300 чалавек прайшлі вуліцамі горада ў маршы пад лозунгам «Беласток — вольны ад нянавісці». Акцыя пачалася з прачытання маніфеста, у якім падкрэсліваецца гістарычная шматкультурнасць і адкрытасць горада:

— Наша сіла і наша памяць — гэта Беласток адкрыты на ўсіх, хто хоча тут быць ва ўзаемнай пашане. Мы супраць нянавісці ў Беластоку.

— Я не хачу, каб пра Беласток казалі, што гэта расісцкі горад. Праблема ёсць і яе немагчыма схаваць. На жаль.

— Трэба крыху праясніць людзям розум, вучыць талерантнасці, бо талерантнасць — гэта падстава нармальнага жыцця кожнага чалавека.

— Каб паказаць, што мы супраць таго, што апошнім часам адбывалася ў Беластоку. Марш нацыяналістаў з ONR быў надзвычай несімпатычны.

— Ідэя ў тым, каб паказаць, што Беласток — горад вольны ад нянавісці і што мы не дазваляем, каб лозунгі, якія заклікаюць да нянавісці, з’яўляліся ў гарадской прасторы Беластока. Мы хочам, каб у горадзе былі лозунгі, якія заклікаюць да свабоды, талерантнасці і роўнасці.  

— Я не ведаю ці гэта дапаможа, але дакладна пакажа, што ёсць людзі, для якіх такія рэчы як свабода — важныя.

 

Маршу і мітынгу перад Ратушай у цэнтры Беластоку спрабавалі перашкодзіць нацыянал-радыкалы. Яны вывесілі транспарант з надпісам «Штучная праблема. Лёгкія грошы», але па просьбе паліцыі транспарант быў зняты.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток