Маршалкоўская ўправа не зацікаўленая ў супрацы з журналістамі



Маршалкоўская ўправа Падляшскага ваяводства не зацікаўленая ў супрацы з мясцовымі журналістамі.

Журналіста нашага радыё Лукаша Леанюка і «Gazety Wyborczej» — Мацея Халадоўскага папрасілі пакінуць сустрэчу ўладаў Падляшша з прадстаўнікамі Гарадзенскай вобласці. Сустрэча тычылася супрацоўніцтва ў межах еўрапейскай праграмы Польшча-Беларусь-Украіна ў сферы культуры, спорту і турызму. Прэс-служба маршалка яшчэ ўчора паведаміла пра гэтую сустрэчу, аднак на месцы аказалася што сустрэча закрытая.

Кажа Лукаш Леанюк:

 — Раней мы атрымалі на электронную пошту інфармацыю ад Маршалкоўскай управы, што сустрэча з беларускімі прадстаўнікамі пачынаецца ў 11:00, а ў 14:00 пройдзе брыфінг для журналістаў. Я вырашыў пайсці таксама на гэтую сустрэчу, але мяне праз некалькі хвілін папрасілі выйсці, не патлумачыўшы, чаму гэтая сустрэча закрытая.  

Каардынатар сустрэчы і сябра ўправы ваяводства Богдан Дыюк адмовіўся ад каментара ў гэтай справе, сцвярджаючы толькі што гэта не ён вырашыў закрыць сустрэчу для журналістаў. Дадаткова віцэ-дырэктар дэпартамента Прамоцыі і кантактаў з замежжам маршалкоўскай управы Міхал Падбельскі паведаміў, што  прысутнасць журналістаў з’яўляецца правакацыяй:

— Гэта скандал.

Журналіст:

— Тое, што журналісты прыходзяць?

Міхал Падбельскі:

— Так.

Журналіст:

— На сустрэчу, пра якую ім паведаміла сама Маршалкоўская ўправа?

Міхал Падбельскі:

— Гэта рабочая сустрэча.

Журналіст:

— Выходзіць, што мы запрошаныя на брыфінг, але быць тут не можам.

Наша рэдакцыя рыхтуе афіцыйны ліст з пытаннем: Чаму афіцыйная сустрэча маршалкоўскай управы наконт еўрапейскай праграмы Польшча-Беларусь-Украіна закрытая для журналістаў?

Беларускае Радыё Рацыя