Мелодыі Цвярскога княства прагучалі ў Бельску



Мелодыі Вялікага Княства Цвярскога прагучалі ў Бельску Падляшскім. З канцэртам выступіў калектыў „Межа” з Цвяры, што ў Расеі. У рэпертуары выканаўцаў не толькі традыцыйныя мелодыі з часоў Вялікага Княства Цвярскога але і беларускія матывы.

„Тутэйшыя людзі вельмі адкрыта прынялі нас і нашу музыку”, – кажа мастацкі кіраўнік калектыва Ірына Някрасава:

– Нам вельмі падабаецца стаўленне да нас, вельмі добра і сардэчна. Ці гэта песні даюць такі стан душы? Мы спяваем духоўныя вершы, традыцыйную музыку – гэта вельмі блізкія песні, каляндарныя, жніўныя, якія блізкія і выконваліся тут. Сёння некалькі жанчын нават плакалі, кажуць: “У нас спявалі так”.

У час свайго выступу калектыў „Межа” вучыў публіку традыцыйным цвярскім танцам ды запрашаў на гульні.

Калектыў „Межа” можна будзе пачуць на XII Міжнародным аглядзе паралітургічных песень у Семятычах. Пачатак мерапрыемства ў 16:00 гадзін.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя 

Фота аўтара