Міністр спорту Польшчы наведаў Беласток



„Фінансаванне новай спартовай залі ў Беластоку можа залежыць ад увядзення ў праект лёгкаатлетычнай бегавай дарожкі”, – адзначыў міністр спорту Польшчы Вітальд Банька падчас сустрэчы з беластоцкімі спартовымі коламі.

DSC_4158

У чацвер прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі падпісаў дамову пра стварэнне праекта новай залі. Паводле магістрату ў планах пабудовы няма лёгкаатлетычнай дарожкі.

Вітальд Банька лічыць, што Беластоку патрэбны шматфункцыянальны аб’ект, які будзе прадугледжваць патрэбы розных відаў спорту:

– У вас адзін з найлепшых лёгкаатлетычных клубаў у Польшчы – 7 алімпійцаў. Разумею, што лёгкаатлетычнай залі ці дарожкі няма, гэта сітуацыя для мяне не кур’ёзная, а дзіўная, бо мне здаецца, што самаўрад негледзячы на месцазнаходжанне павінны падтрымліваць моцныя дысцыпліны і каманды.

Папярэдні міністр урада Польшчы ад „Грамадзянскай платформы” пазітыўна выказваўся адносна праекта пабудовы залі і абяцаў выдзеліць 40 мільёнаў злотых. Новыя ўлады пазнаёмяцца з планамі і вырашаць пра памеры фінансавання, дадаў міністр:

– Будзем знаёміцца з гэтым праектам, адбудуцца кансультацыі, дыскусіі, і толькі пасля знаёмства з падрабязнай дакументацыяй будзе прынята рашэнне пра фінансаванне, аб’ём фінансавання і прынцып фінансавання.

Пабудова новай спартовай залі запланавана на тэрыторыі аэрадрома Крыўляны. Магістрат лічыць, што аб’ект будзе служыць не толькі спартоўцам. У залі таксама будуць праходзіць культурныя мерапрыемствы, канферэнцыі і міжнародныя выставы.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя