Міжнародны фестываль Акуджавы запрашае ўдзельнікаў з Беларусі



Міжнародны фестываль паэтычнай песні імя Булата Акуджавы “Вера. Надзея. Любоў” запрашае ўдзельнікаў з Беларусі. Фестываль пройдзе сёлета ў чацьвёрты раз.  У яго межах – канцэрты ў Варшаве, Любліне і Беластоку (так званы “булатаўскі табар паэзіі”), і конкурсная праграма і гала-канцэрт, традыцыйна, у амфітэатры ў Гайнаўцы.

Ініцыятарам і арганізатарам фестывалю ёсць падляшскі музыка, аматар творчасці Акуджавы – Анатоль Баравік (на фота):

Гэта традыцыйны бардаўскі фестываль, гэта сустрэча сяброў. Мы хочам гэтым фестывалем разбураць муры, якія цяпер у Еўропе нанова будуюцца. Мы хочам, каб людзі сустракаліся і размаўлялі. Мы хочам ствараць, а не разбураць. Зрэшчы, гэта і было пасланнем Булата Акуджавы ды іншых знакамітых бардаў, такіх як цяпер у Чэхіі Ярамір Нагавіца.

Удзел у конкурснай частцы фестывалю можа прыняць кожны ахвотны. Для гэтага трэба скласці заяўку на старонцы Гайнаўскага дома культуры hdk.hajnowka.pl (там ёсць умовы ўдзелу і сам бланк заяўкі, а таксама праграма сёлетняга фестывалю).

Анатоль Баравік кажа, што ўдзельнік конкурснай праграмы мае выканаць дзве песні:

Галоўная ўмова – гэта тое, што ўдзельнік конкурснай праграмы павінен выканаць адну песню Булата Акуджавы абавязкова, і другую песню – ўласную, або іншых бардаў беларускіх, расейскіх, польскіх ці іншых, або можа выканаць дзве песні Акуджавы. І мова выканання не мае значэння. Можна спяваць Акуджаву па-польску, па-ўкраінску, па-расейску, па-чэшску. Мы хочам таксама, каб на фестывалі Акуджава загучаў і па-беларуску, бо да гэтага часу такога яшчэ ў нас не было.

Лаўрэаты конкурснай часткі атрымаюць фінансавыя ўзнагароды і прымуць удзел у гала-канцэрце. Фестываль праходзіць пад патранатам удавы Булата Акуджавы – Вольгі Арцімовіч-Акуджавы, якая штогод прыязджае на Падляшша. У Гайнаўцы падчас першага фестывалю пасадзілі дуб Акуджавы, а ў 2014 годзе ўсталявалі памятную табліцу.

Таксама Міжнароды фестываль паэтычнай песні імя Булата Акуджавы „Вера. Надзея. Любоў” можна падтрымаць фінансава. Усе неабходныя дадзеныя можна знайсці ў Фейсбуку на фестывальных старонках. Галоўная крыніца фінансавання – гэта дапамога мясцовых уладаў, але найперш – ахвяраванні аматараў творчасці Акуджавы з усяго свету. 

Сярод медыйных партнёраў фестывалю – нашае Беларускае Радыё Рацыя.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.