На Аўгустоўскім канале плануецца ўвесці бязвізавы рэжым для турыстаў



На Аўгустоўскім канале, які праходзіць па тэрыторыі Польшчы і Беларусі, плануецца ўвесці бязвізавы рэжым для турыстаў тэрмінам дзеяння тры дні, паведаміў 6 красавіка міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко на адкрыцці міжнароднага кірмашу турысцкіх паслуг „Адпачынак-2016″.

Аўгустоўскі канал

„Вы ведаеце, што для прыцягнення турыстаў з Еўразвяза ў нас дзейнічае спрошчаны трохдзённы бязвізавы рэжым у Белавежскай пушчы. Тое ж самае плануем зрабіць на Аўгустоўскім канале, — сказаў міністр. — Тут у нас добры патэнцыял, створана добрая інфраструктура: развіваецца веланакірунак, байдарачны турызм, распрацаваныя пешыя маршруты. Гэта турыстычны прадукт, які адпавядае ўзроўню міжнароднай сертыфікацыі, трэба толькі трохі вырашыць з арганізацыйнымі момантамі”.

Шамко дадаў, што адпаведная прапанова аб увядзенні бязвізавага рэжыму на Аўгустоўскім канале цяпер знаходзіцца на стадыі разгляду ва ўрадзе.

Ён зазначыў, што змякчэнне візавага рэжыму ўваходзіць у комплекс тэхнічных і арганізацыйных мерапрыемстваў, як і абнаўленне нарматыўнай і заканадаўчай базы, новай рэдакцыі закона аб турызме.

„Усё гэта ўпісваецца ў задачы, якія сёння стаяць перад турыстычнай галіной Беларусі, а менавіта — павелічэнне турыстычных патокаў”, — сказаў Шамко і дадаў, што, нягледзячы на крызіс, унутраны турызм Беларусі ў мінулым годзе павялічыўся на 20%.

belapan.by