На Беласточчыне прайшло літаратурнае “Бязмежжа”



Новыя лірычныя вершы Андрэя Сцепанюка з Бельска-Падляшскага будуць надрукаваныя ў менскім часопісе “Дзеяслоў”, а магчыма і асобнай кнігай пры падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Паэт дзякуе старшыні Саюзу Барысу Пятровічу:

– Барыс Пятровіч – гэта чалавек, які дапамагае мне заіснаваць у беларускай прасторы. Я ўжо два разы друкаваўся ў “Дзеяслове”. Вельмі цешуся, што з’явіўся шанец увайсці ў літаратурную прастору Беларусі.

Семінар “Бязмежжа” расцягнуўся на тры дні. Сёння літаратары прымуць удзел у падсумаванні Агульнапольскага конкурсу беларускай паэзіі і прозы “Дэбют” у Беластоку. Дзея пачнецца а 12-ай гадзіне па мясцовым часе ў цэнтры “Асторыя”, што на вуліцы Сянкевіча-4.

Фота Васіля Кроквы

* * *

Літатурны семінар “Бязмежжа” завяршаецца ў Новым Ляўкове, што на Беласточчыне. Пісьменнікі, паэты ды журналісты з абодвух бакоў польска-беларускае мяжы абмеркавалі найбольш праблемныя пытанні ў галіне літаратуры, прэзентавалі калегам свае новыя творы. Пасля паўзы ў 15 год у семінары прыняў удзел пісьменьнік і гісторык Уладзімір Арлоў:

– У 2000 годзе, калі выйшла мая кніжка ў Беластоку “Рэквіем для бензапілы”. Я быў у кампаніі са Славамірам Адамовічам, з Юрыем Гуменюком і Анатолем Брусевічам. Два апошнія – гарадзенцы, Юры ўжо няма з намі, ён пераўтварыўся ў майго героя – героя кнігі “ Імёны Свабоды”.

Паколькі заключная вячэра “Бязьмежжа” адбывалася ў 5 гадавіну Плошчы ўдзельнікі сэмінары ўзянялі тост за беларускіх герояў ды выпілі стоячы.

* * *

Прайшоў першы дзень літаратурнага семінара “Бязмежжа”.

У Новым Ляўкове сустрэліся беларускія літаратары і паэты ды журналісты, каб абмеркаваць, што важнага адбылося ў прасторы беларускай літаратуры ў 2015 годзе. Закраналіся тэмы культурнага польска-беларускага супрацоўніцтва, прэзентаваліся фонд “Віла Сакратэс” ды дакументальнае кіно Міколы Ваўранюка.

Прозу тутэйшай, памежнай праўды, на прыкладзе сваёй кнігі прадставіў Янка Трацяк:

– Тут трэба расказаць пра кніжку, якая на 435 старонак – заходнебеларускі раман-хроніка “Саветы”, пра падзеі 1939 года. Пра гэтыя падзеі ў нас у Беларусі гэта тэма доўгі час была забаронена, і зараз яна таксама не вітаецца. Чаму? Таму, што вядомая сітуацыя. На сённяшні дзень у беларускай літаратуры па сутнасці няма такога твору пра гэтыя падзеі.  

Сёння, 19 снежня, у большай ступені голас возьмуць госці з Беларусі.

XXVIII літаратурны семінар “Бязмежжа” завяршыць у нядзелю падвядзенне Літаратурнага конкурсу “Дэб’ют”.

Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч, творчасць беларускіх літаратараў ды беларуская літаратура ў Польшчы — пра гэта, між іншым, будуць гаварыць у час 18-га літаратурнага семінара “Бязмежжа” беларускія літаратары.

DSC_4326

Як адзначыў старшыня ўправы нашага радыё і галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва” Яўген Вапа, “Бязмежжа” — гэта магчымасць падвядзення вынікаў года ў беларускай літаратуры як у Польшчы, так і ў самой Беларусі:

– Са старшынёю Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барысам Пятровічам ідзе плённая супраца і ўзаемаразуменне. Я хачу падзякаваць беларускім пісьменнікам, паэтам, якія, нягледзячы на вышыню свайго творчага патэнцыялу, дасягненняў, знаходзяць час, каб прыехаць да нас на Беласточчыну, пабыць разам з намі, распавесці пра тое, што адбылося, і запланаваць пэўныя справы, якія можна зрабіць разам.

Літаратурны семінар “Бязмежжа” будзе доўжыцца цягам трох дзён. Традыцыйна семінар арганізуе тыднёвік беларусаў у Польшчы “Ніва” і Беларускі саюз у Польшчы. Медыяльную падтрымку ажыццяўляе наша радыё.

Зміцер Косцін, Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Давіда Гайко