На магіле Янкі Быліны ўсталююць новы помнік



18-га лютага мінае 60 гадоў са дня смерці беларускага святара Яна Семашкевіча, вядомага пад літаратурным псеўданімам Янка Быліна. Ён быў пахаваны побач з касцёлам сваёй апошняй парафіі на Сакольшчыне ў вёсцы Бомбля.

Намаганнямі вернікаў і цяперашняга пробашча Андрэя Гарачага, вясной будзе ўсталяваны новы помнік на магіле ксяндза Яна Семашкевіча:

– Працаваў тут дзесяць гадоў, парафія з’явілася ў 1946 годзе, а ён памёр у 1956. У гэтым годзе мы хочам усталяваць на яго магіле новы помнік – гэта падзяка парафіян за яго працу, за працу па стварэнні парафіі.

Ян Семашкевіч нарадзіўся 30-га красавіка 1883 года ў сялянскай сям’і на Астравеччыне, у вёсцы Лакцяны. У 1907 годзе скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. Ад 1933 года служыў на Беласточчыне: у Янаве, Ялоўцы, Міхалове, а пасля трапіў у Бомблю, дзе памёр у 1956 годзе.

Янка Быліна быў аўтарам зборнікаў „На прызьбе” і „На покуці”, пісаў артыкулы ў тагачасныя беларускія газеты.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя