На мяжы з Польшчай зацягнецца праверка дакументаў



У беларусаў, якія едуць у Польшчу, будуць даўжэй і больш пільна правяраць дакументы, піша tut.by.  Такія захады звязаныя з самітам НАТО ў канцы тыдня ў Варшаве, і Сусветнымі днямі моладзі ў Кракаве ў другой палове месяца.

На нашае радыё звярнуўся адзін з беларусаў, які 3-га ліпеня перасякаў мяжу ў пункце пропуску Брузгі-Кузніца.

Пасажырскі бус даглядаўся на так званай “яме”, усіх пасажыраў даглядалі паасобку. Мы звярнуліся па каментар у Мытную палату ў Беластоку. Як тлумачыць падкамісар Марыюш Сітнічук, ніякіх асаблівых захадаў у мытнікаў не плануецца, а ў выпадку, калі сапраўды дойдзе да асабістага дагляду, павінен складацца пратакол:

– Гэта не быў асабісты дагляд, ён праводзіцца згодна з прадпісаннем і ў такім выпадку складаецца пратакол. Тут мы дзейнічалі як звычайна, відаць праверка буса была чымсьці апраўдана.  

Правяраць дакументы цяпер могуць і ў Польшчы на кантрольных пастах пры дарогах, на выездзе з краіны. Польшча таксама ўвяла часовы кантроль на сваіх унутраных межах з краінамі Шэнгенскай зоны, і прыпыніла дзеянне малога памежнага руху з Расеяй ды Украінай. Усе абмежаванні працягнуцца да другога жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Jędrzej Wojnar / Agencja Gazeta