На Падляшшы адкрылася чарговая інвестыцыя “Пронар”



Новая вытворчая зала адкрылася на фабрыцы “Пронар” у Нараўцы. Прызначана яна для вытворчасці спецыяльных і вялікапамерных трактарных прычэпаў. Новая зала павялічыла ў два разы вытворчую прастору фабрыкі.

На цырымоніі адкрыцця прысутнічаў віцэ-прэм’ер і міністр навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Яраслаў Говін:

– Фірма канкурыруе з найлепшымі сусветнымі маркамі. Нашы машыны па якасці і інавацыйнасці могуць канкурыраваць з найлепшымі сусветнымі ўзорамі канструктарскай думкі. І шмат гэтых машын ствараюць тут, на Падляшшы.

У канцы мінулага года новая вытворчая зала адкрылася ў Сямятычах. Кіраўнік “Пронара” Сяргей Мартынюк абвясціў, што сёлета, на зломе красавіка і траўня адкрыецца філіял фірмы ў Гайнаўцы.

 

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара