На Падляшшы – дыскусіі вакол “камуністычных” назваў вуліц



У Белавежы на Падляшшы хочуць памяняць назвы вуліц, звязаныя з беларускімі камуністамі. Генерал Чырвонай арміі Аляксандр Вашкевіч і дзяячка Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Вольга Габец – іх імёны, у прыватнасці, не падабаюцца ў назвах вуліцаў частцы жыхароў Белавежы.

img_6605

Паводле войта гміны Рыгора Каспровіча, у бліжэйшы час пройдуць кансультацыі з мясцовымі жыхарамі:

– Калі атрымаем больш інфармацыі ад мясцовых жыхароў, то Рада гміны разгледзіць гэтае пытанне, і назвы вуліц будуць зменены.

Паводле польскага закона, які ўвайшоў у сілу 2-га верасня, мясцовыя ўлады маюць год на змену назваў вуліцаў, плошчаў і будынкаў, якія прапагандуюць камунізм.

img_6607

Жыхары Белавежы па-рознаму ставяцца да гэтага:

– Беларус быў генералам. Ім гэта не падабаецца.

– Кажуць, што Вашкевіч – камуніст. Якія тут камуністы? Тут ніякіх камуністаў ніколі не было.

– Калі памяняюць назвы, усе паперы трэба будзе перарабляць. Узнікнуць праблемы.

Дадамо, што Аляксандр Вашкевіч нарадзіўся ў Бежавежы ў беларускай сялянскай сям’і. 21 красавіка 1945 году ён быў цяжка паранены і ўзяты немцамі ў палон, дзе і памёр.

Вользе Габец ставяць у віну тое, што яна была за далучэнне ў міжваенныя часы Заходняй Беларусі да Савецкага Саюзу.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара