На ўкраінска-беларускай мяжы завяршылася аперацыя „Зубр-2015″



На ўкраінска-беларускай мяжы завяршылася аперацыя «Зубр-2015», якая праводзілася сумеснымі намаганнямі ўкраінскіх і беларускіх памежнікаў.

Ці не галоўная праблема беларуска-украінскага памежжа – кантрабанда, найперш тытунёвых вырабаў, якія перапраўляюцца ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, а потым – у краіны Еўразвязу. Нярэдкія таксама выпадкі кантрабанды алкаголю і прадуктаў харчавання ў таварных колькасцях, а таксама наркотыкаў і псіхатропных рэчываў.

Паводле інфармацыі прэсавага цэнтра ўкраінскай памежнай службы, падчас аперацыі “Зубр-2015” было выяўлена кантрабанды на 700 000 грыўняў, што складае каля 27 750 даляраў, 60 адзінак вогнепальнай і халоднай зброі і затрымана 420 парушальнікаў дзяржаўнага кардону, 11 з якіх – нелегальныя мігранты. 36 асобам, якія спрабавалі патрапіць ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, было ў гэтым адмоўлена.

Палявая дэмаркацыя ўкраінска-беларускай мяжы распачалася толькі сёлета. Мяркуецца, што працэс дэмаркацыі будзе доўжыцца ад 7 да 8 гадоў.

 Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя