«Начныя ваўкі» спрабавалі прарвацца з Беларусі ва Украіну



Байкеры з групоўкі «Начныя ваўкі» спрабавалі прарвацца з Беларусі ва Украіну. Пра гэта паведамляе прэс-цэнтр Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.

Ва Украіне сябры пракрамлёўскага байкерскага клуба «Начныя ваўкі» прызнаныя персонамі нон-грата яшчэ ў 2014 годзе. Тады лідар гэтага клуба Аляксандр Залдастанаў, які сам паходзіць з украінскага Кіраваграда, горача ўхваліў анексію Крыма.

Год таму «Начныя ваўкі» у поўным складзе ўжо спрабавалі патрапіць ва Украіну. Тады Залдастанаў заявіў, што, нібыта «хоча ўпрыгожыць рускі горад Львоў георгіеўскімі стужкамі». Украінскія памежнікі адмовілі байкерам ва ўездзе.

Цяпер маскоўскія байкеры паспрабавалі патрапіць ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Праўда, ахвочых набралася толькі тры чалавекі. «Для спынення магчымых правакацый, якія могуць прывесці да негатыўных наступстваў, Дзяржаўная памежная служба вырашыла не прапускаць іх на тэрыторыю нашай дзяржавы», — паведамляецца ў рэлізе прэс-цэнтра Дзяржаўнай памежнай службы.

Байкерскі клуб «Начныя ваўкі» фінансуецца ўрадам Расейскай Федэрацыі. Агульнае фінансаванне складае каля 56 млн. расейскіх рублёў, што складае каля 850 000 даляраў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя