Названыя пераможцы літаратурнага конкурсу “Дэбют”



У Беластоку ўзнагародзілі лаўрэатаў Агульнапольскага конкурсу беларускай паэзіі і прозы “Дэбют”. Конкурс прайшоў 18 раз. Удзел узялі амаль паўсотні літаратараў-аматараў розных узростаў – ад школьнікаў да пенсіянераў. Пераможцам у першай узроставай групе стала Дамініка Сікора з вёскі Новая Воля, што на Падляшшы. Свой першы беларускамоўны верш аўтарка прысвяціла самой сабе. Пра гэта яна распавяла нашаму карэспандэнту Стасу Дэдэрку:

– Я свой верш спачатку напісала па-польску, а  пасля пераклала на беларускую. На беларускай мове я размаўляю з мамай, бабуляй і сваякамі з боку мамы.

Першае месца ў другой групе – ў галіне прозы – заняў Эдвард Гарштыньскі з Беластоку за апавяданне “Ліцьвін”:

– Сам я паходжу з Саколкі і вельмі цікаўлюся гісторыяй свайго горада, у якім габрэі раней складалі амаль палову жыхароў. Таму і вырашыў прысвяціць свой твор роднаму гораду і габрэйскаму следу ў ягонай гісторыі.

Дадамо, што творы ўсіх лаўрэатаў конкурсу “Дэбют” будуць друкавацца ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы – “Ніва”.

Беларускае Радыё Рацыя, Беласток